ЗАМАРО́ЖВАННЕ ХАРЧО́ВЫХ ПРАДУ́КТАЎ,

спосаб кансервавання, які заключаецца ў хуткім ахаладжэнні прадукту да т-ры значна ніжэйшай за т-ру замярзання яго сокаў. Робяць пры т-ры каля -20 °C у маразільных камерах халадзільнікаў ці ў спец. хуткамаразільных апаратах.

Пры замарожванні вада ўтварае шмат дробных крышталікаў лёду, якія мала мяняюць структуру тканак прадуктаў, практычна поўнасцю спыняецца жыццядзейнасць мікрафлоры і актыўнасць ферментаў, таму прадукты доўгі час (пры ўмове, што т-ра ўвесь час застаецца аднолькава нізкай) захоўваюць свае харч. якасці.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)